«О, Радзіма, мой светач цудоўны»

Літаратурна-музычная панарама «О, Радзіма, мой светач цудоўны», прысвечаная 90-годдзю з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча, адбылася ў Цэнтральнай гарадской бібліятэцы г. Жодзіна.

Былі адмечаны асноўныя рысы характару і творчасці пісьменніка.

Караткевіч быў заўзяты падарожнік. Ён аб’ездзіў усю Беларусь, абхадзіў з вудай і кошыкам усю Міншчыну і Аршаншчыну. А яшчэ былі паездкі ў братнія рэспублікі і замежныя краіны. Вынікам гэтых паездак былі яго творы. І хоць любіў ён падарожнічаць па розных краінах, але усюды сумаваў па радзіме, па яе лугах і нівах. Вельмі лірычна Ірына Феакцістава выканала песню на яго словы «Мокрыя травы».

Караткевіч свята шанаваў беларускую мову. «Не, — пісаў ён у артыкуле “Мова”, — яна сапраўды непрыгожая… ад дрэннага ведання яе. Існуе няпісаны закон, які цудоўна ведаюць усе па-сапраўднаму адукаваныя і культурныя людзі: чым лепш ведаеш нейкую мову — тым больш яна прыгожая і значная… Чым болей паглыбляешся ў кожную мову, чым лепш разумееш адвечную логіку яе законаў — тым яна большы ўзор прыгожасці і дасканаласці. Лаяць  нейкую мову —  азначае не ведаць яе».

Ёсць у яго і вершаваныя радкі, прысвечаныя роднай мове.

І на іншых вяршынях суровых

(Вера! Роўнасць! Свабода! Край!)

Ты струменьчык матчынай мовы,

Быццам маці, не забывай.

Ты забыў? Ну што ж, на дасвецці

Ты без сонца будзеш канаць…

Шмат прыўкрасных грудзей на свеце,

Ды не ўспоіць цябе — ні адна…

Сярод іншых святынь неаджыўшых

Даў яе нам на кожны парог,

Твар да нас, — усялякіх, — схіліўшы

З невымернаю літасцю бог.

У Караткевіча была няспынная цяга да тэатра, кінематографа, тэлебачыння і радыё. Адгэтуль ідзе шматграннасць жанраў яго творчасці.

У якіх жанрах ён толькі не працаваў! Вершы, вершы ў прозе, апавяданні, аповесці, гістарычныя раманы, дэтэктывы, паэмы, балады, п’есы, інтэрмедыі, казкі, нават, лібрэта к балету «Кастусь Каліноўскі».

На рабочым месцы заўсёды адчуваецца адбітак індывідуальнасці чалавека. «Пакажы мне свой рабочы стол — і я скажу, хто ты». Пісьмовы стол Уладзіміра Караткевіча — гэта стол-рамантык. Пасля кожнага чарговага падарожжа гаспадара на ім з’яўляюцца новыя і новыя дзівы: рэдкія каменьчыкі і засушаныя марскія зоркі, цагліны  тысячагадовай даўнасці і ўпрыгожванні нашых продкаў.

А ў чым заключаўся сакрэт таленту Караткевіча, што прыдавала сілы яго творчасці? На гэтыя пытанні адказаў сам аўтар. Удзельнікі мерапрыемства паслухалі размову падчас выступу У. Караткевіча перад чытачамі.

Завяршылася літаратурна-музычная панарама калектыўным чытаннем верша «Беларуская песня». Гэты верш – адна з тых творчых вышынь, пакарыўшы якую, адчуваеш, як замірае сэрца, стыне кроў,  на вачах выступаюць слёзы і разумееш, што гэты паэт будзе жыць вечна.

Дзе мой край? Там, дзе вечную песню пяе Белавежа,

Там, дзе Нёман на захадзе помніць варожую кроў,

Дзе на ўзвышшах Наваградскіх дрэмлюць суровыя вежы

І вішнёвыя хаты глядзяцца ў шырокі Дняпро.

Ты ляжыш там, дзе сіняя Прыпяць ласкава віецца,

Дзе Сафія плыве над Дзвіною, нібы карабель…

Там, дзе сэрца маё з першым крокам, як молат, заб’ецца,

Калі б нават сляпым і глухім я прыйшоў да цябе.

Што сляпым? Нават мёртвым успомню высокія зоры,

Над ракою чырвонай і цьмянай палёт кажаноў,

Белы ветразь на сініх, на гордых, як мора, азёрах,

І бары‑акіяны, і неба — разлівы ільноў.

Дзе мой край? Там, дзе людзі ніколі не будуць рабамі,

Што за поліўку носяць ярмо ў безнадзейнай турме,

Дзе асілкі‑хлапцы маладымі ўзрастаюць дубамі,

А мужчыны, як скалы, — ударыш, і зломіцца меч.

Дзе мой край? Там, дзе мудрыя продкі у хвоях паснулі,

Дзе жанчыны, як радасны сон у стагах на зары,

А дзяўчаты, як дождж залаты. А сівыя матулі,

Як жніўё з павуціннем і добрае сонца ўгары.

Там звіняць неўміручыя песні на поўныя грудзі,

Там спрадвеку гучыць мая мова, булатны клінок.

Тая гордая мова, якую і тады не забудзем,

Калі сонца з зямлёю ў апошні заглыбяцца змрок.

Ты — наш край. Ты — чырвоная груша над дзедаўскім домам,

Лістападаўскіх знічак густых фасфарычная раць,

Ты — наш сцяг, што нікому, нікому на свеце, нікому

Не дамо абсмяяць, апаганіць, забыць ці мячом зваяваць.

Мы клянёмся табе баразной сваёй першай на полі

І апошняй раллёй, на якую ўпадзём у журбе.

Мы клянёмся табе, што ніколі,

Ніколі,

Ніколі,

Так,

Ніколі не кінем,

Не кінем,

Не кінем цябе.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *