Талент, аддадзены Радзіме

Выстава «Талент, аддадзены Радзіме» прысвечана творчасці беларускіх мастакоў-юбіляраў — Напалеона Орды, Міхаіла Савіцкага, Вітольда Бялыніцкага-Бірулі.

Творы Напалеона Орды з’яўляюцца самымі яркімі і самымі шырокімі вобразамі зямель даўняй Рэчы Паспалітай у XIX стагоддзі. У іх спалучаюцца ўсе тэндэнцыі гэтага стагоддзя: рамантычная – якая шукае маляўнічай прыгажосці, гістарычна-патрыятычная, – якая паказвае нацыянальныя помнікі, і інвентарызатарская, – якая занатоўвае выгляд захаваных гістарычных помнікаў. На сваіх малюнках мастак скрупулёзна перадаваў архітэктурныя формы, адзначаў дэталі, добра разумеў прапорцыі глыбы, падкрэсліваў характар ландшафту ў гэтую пару года. Некаторыя творы, нягледзячы на тое, што яны былі падпісаны як «малёваныя з натуры», з’яўляюцца, безумоўна, перамалёўкамі з ранейшых малюнкаў або гравюр іншых мастакоў. Сёння адной з найбольшых вартасцей малюнкавай спадчыны Напалеона Орды з’яўляецца вага яе гістарычнага пераказу. Мастак занатаваў выгляд гарадоў, вёсак, касцёлаў, палацаў, замкаў і маёнткаў, якія не захаваліся да нашых часоў, або былі моцна пашкоджаны.

Міхаіл Савіцкі працаваў у галіне станкавага і манументальнага жывапісу. У аснове твораў ваеннай тэматыкі асабістыя ўражанні ад гераічнай барацьбы народа супраць нямецкіх акупантаў, злачынстваў фашыстаў супраць чалавецтва. Значнае месца ў творчасці Савіцкага займаюць партрэты. Галоўнае месца ў творчасці 1990-2001 гадоў займае хрысціянская тэматыка. Для мастака характэрна публіцыстычнае, эмацыйна-экспрэсіўнае расчыненне гістарычных і сучасных тэм («Песня», 1957; цыклы «Гераічная Беларусь», 1967, «Лічбы на сэрца» (у аснову якога пакладзены ўспаміны і ўражанні пра нялюдскую жорсткасць у нямецкіх канцлагерах), 1976; карціны «Партызанская мадонна», «Легенда пра бацьку Міная», «Дзеці вайны» і інш.). Гэтыя палотны — паніхіда загінулым героям і гімн патрыятызму савецкіх людзей.

Вітольд Бялыніцкі-Біруля развіваў традыцыі рускага лірычнага пейзажу канца XIX ст. і стаў найбуйнейшым беларускім пейзажыстам, які вывеў жанр беларускага пейзажнага жывапісу на ўзровень еўрапейскай класікі. Палотны В. Бялыніцкага-Бірулі прасякнутыя эмацыйнасцю, неабходнай мерай абагульнення, якая не губляе пры гэтым канкрэтыку месца. Мастак карыстаецца ўдалым спалучэннем мяккага серабрыста-бэзавага і зеленаватага колераў. Для яго твораў характэрны тонкае адчуванне колеру, своеасаблівае лірычнае гучанне. Пейзажыст па-майстэрску распрацоўваў ледзь прыкметныя нюансы, характэрныя для таго ці іншага часу дня, пэўнай пары года. Карціны і шматлікія эцюды вылучаюцца асаблівай тонкасцю, мяккасцю і непаўторным лірызмам, глыбінёй успрымання і перадачы жывой прыроды. У канцы 1900-1910-х гг. В.К. Бялыніцкі-Біруля стварае цэлы шэраг значных палотнаў – «Хуткая рэчка» (1908), «Ля млына» (1910), «Час цішыні. Возера Удомля» (1911), «Зімовы сон» (1911), «Пейзаж з рэчкай» (1911), «Блакітная капліца» (1912), «Пачатак вясны» (1912) , «Сакавік» (1913), «Тэраса» (1915), «Ціхая восень» (1916–1917), «Вясна ідзе» (1910-я).