Боты сорак трэцяга памеру

У цэнтральнай гарадской бібліятэцы да Дня Перамогі падрыхтавана выстава, галоўным экспанатам якой з’яўляюцца… боты. Выстава прысвячаецца дзецям вайны, і аснову яе складае верш Казіміра Камейшы “Сорак трэці”. 12 слупкоў верша адлюстравалі ўсю галечу, боль, холад, сіроцтва, партызаншчыну дзяцей, на долю якіх выпалі гады Вялікай Айчыннай вайны.

 

“ Я прыкметам не занадта веру,

Але ж іх прыдумаў сам народ.

Боты сорак трэцяга памеру

Выдаў мне мой сорак трэці год.

 

Быццам ён, і праўда, нечым меціў,

Як зімова нарадзіў мяне,

Год мой партызанскі сорак трэці,

Найсірочы самы на вайне…”

 

Казімір Камейша сам з дзяцей вайны, перажыў сам усё ваеннае ліхалецце, таму так пранікнёна яго словы, апавядаючы пра ваеннае дзяцінства, западаюць у душу тым, хто не зведаў цяжкасцей вайны, так  шчыра кранаюць сэрцы нераўнадушных людзей.

Прайшло 73 гады пасля Перамогі. Дзеці вайны пасталелі, прайшлі праз свае лёсы, праз страты, “праз давер і чыйсьці недавер”, даўно сталі бабулямі і дзядулямі, але думка ў іх адна на ўсіх: каб больш не паўтарылася тое, што яны перажылі ў дзяцінстве. Боты на выставе – як помнік тым, хто прайшоў праз гады вайны, дабываў перамогу, адстаяў незалежнасць, выжыў у гэтым пекле…

 

Беліць доля шлях мой мелам белым,

Ну, а я хачу яе маліць:

Хай усё маё, што мне балела,

Тым, хто йдзе за мною, не баліць!..

 

Такімі словамі заканчваецца верш, і такімі словамі пачынаецца дзень кожнага, хто перажыў вайну.

02