Напярэдадні Міжнароднага дня роднай мовы ў Цэнтральнай гарадской бібліятэцы адбыліся беларускамоўныя пасядзелкі «Пап’ем кваску, паразмаўляем па-беларуску». Вядучымі мерапрыемства былі Гаспадыня з Гаспадаром і Ўнучкай і Суседка. Завіталі на сустрэчу чытачы бібліятэкі і навучэнцы прафесійнага ліцэя.
Мясцовая паэтка, член мінскага абласнога народнага клуба паэтаў і кампазітараў «Жывіца» Лідзія Жыдко-Зянькова чытала свае вершы на беларускай мове. Музычныя паўзы ладзіў вакальны гурт «Калінушка». Лідзія Навумава як мясцовая паэтка і член народнага аматарскага калектыву «Натхненне» чытала вершы на роднай мове. Завітаў на сустрэчу і член Беларускага Саюза журналістаў, пісьменнік, гумарыст Віталь Жураўскі, які расказаў некалькі сваіх гумарэсак.
Падчас пасядзелак усіх прысутных частавалі квасам, асабліва тых, хто прымаў удзел у розных выпрабаваннях і конкурсах, прысвечаных роднай мове. А іх было нямала. Напрыклад, інтэлектуальныя гульні, дзе трэба было і расшыфроўваць беларускія фразеалагізмы, і тлумачыць прадметы беларускімі словамі, і апісваць па-беларуску карціну жодзінскага мастака Юрыя Праскуракова. Выпрабаванне «Беларуская мова як загадка» патрабавала даць вызначэнне беларускім словам. Хто адгадваў, атрымлівай баранку, а хто не — павінен быў праскакаць на скакалцы. А самы легкі конкурс — «Хто хутчэй выпіць квас?». Але ж незадарма частаваліся ўдзельнікі гульні — павінны былі выканаць ці расказаць што-небудзь на беларускай мове.
Весела і пазнавальна прайшлі беларускамоўныя пасядзелкі «Пап’ем кваску, паразмаўляем па-беларуску». Шануйце і любіце сваю родную мову, сябры.