Паслядоўнікі Францыска Скарыны

Да Дня беларускага пісьменства ў цэнтральнай гарадской бібліятэцы  арганізавана выстава «Боская і людская мудрасць Францыска Скарыны».

530 год прайшло з дня нараджэння слаўнага сына зямлі беларускай, але паўната яго духоўнай сілы па-ранейшаму акутвае кожнага беларуса, а запаса яго ведаў яшчэ хопіць не на адно пакаленне.  Спасцігнуць сутнасць беларускага першадрукара можна праз яго працу, праз яго  імкненне далучыць народ свой да вышынь ім, Скарынам, узятых.

Паслядоўна набірала моц беларуская літаратура, творчасць шматлікіх вядомых беларускіх пісьменнікаў да спадобы нашым чытачам, але сёння хочацца звярнуць увагу на маладых аўтараў, тых , хто толькі-толькі далучыўся да пісьменніцкай суполкі. Якія яны, што іх цікавіць, што іх хвалюе і турбуе, што новага ў стыле іх творчасці? Публікацыі ў часопісах «Маладосць» даюць зрэз сучаснай маладой літаратуры, прыцягваюць да таго ці іншага аўтара. Адна з іх Маргарыта Латышкевіч, якая ўжо стала лаўрэатам Нацыянальнай літаратурнай прэміі за 2018 год у намінацыі «Дэбют». Маргарыта Юр’еўна шматгранны піьменнік, ёй пад сілу і  аповесці, і апавяданні, дзе прасочваецца пільнае назіранне за рэальным жыццём, пранізанае сапраўднымі чалавечымі пачуццямі, дзе кожны стварае сваё шчасце.

Тэма кахання не астаўляе раўнадушным і новае пакаленне. «Калі я пішу, праз усялякія вобразы, сімвалы і іншасказанні стараюся выказаць тое, што з цяжкасцю магу растлумачыць», – так адзываецца пра сябе Іван Равяка, стварыўшы  непаўторны вобраз кахання ў апавяданні «Пірагі з чарніцамі прадаюцца толькі па аўторках».

Настасся Нарэйка у сваім апавяданні «Светлячок» закранае вельмі важную і патрэбную ўсім тэму – тэму захавання дзіцяці, тэму  выбару, перад якім іншы раз аказваецца жанчына, а для таго, каб данесці гэта да кожнага сэрца, выбірае нестандартны падыход.

Нестандартны падыход выкарыстоўвае і валанцёр Нікола Кастрыч з апавядання маладога пісьменніка Андрэя Андрыеўскага «Нявыдуманыя гісторыі з жыцця Серабронкса (Серабранкі)», які вырашыў павадзіць школьнікаў, прынімачых наркоцікі ці алкаголь па кватэрах, дзе жывуць людзі, жыццё якіх тым ці іншым чынам пакалечыў алкаголь. «…Глядзіце па баках і запамінайце. Так вы будзеце жыць гадоў праз дзесяць», – наказвае сваім выхаванцам Кастрыч, калі тыя своечасова не апомняцца і не кінуць свае прыклыя звычкі. Падлеткі атрымалі сапраўдны шок-урок, які  дае надзею  змяніць іх лёсы.

А Алесь Яфімаў, гулячы з псіхааналагічным метадам вольных асацыяцый, імкнецца не распавядаць гісторыі, а апісваць іх праекцыі, як у апавяданні  «У разбітым люстэрку». Чалавек хоча, каб яго любілі і дзеля гэтага гатовы на немаверны учынак – прасочваецца праз аповед думка аўтара.

Паэзію маладых аўтараў, як і  дзесяткі гадоў таму, пранізвае  каханне, якое «…нібы параненая жывёла ірвецца з клеткі» у вершы Дар’і Калакольцавай,  «…як падарунак калядны» вяртаецца да лірычнай гераіні  Алёны Беланожка, ці просіць дазволу быць шчаслівай радкамі Марыі Чарняўскай. Вольга Нікіценка (Івалга) імкнецца знаходзіць ва ўсім патаенную прыгажосць і можа паэтычнымі словамі  паведаміць колер світання, а Вікторыя Смолка дакажа , што «Шчасце важыць восем дзевяцьсот»:

Шчасце важыць восем дзевяцьсот…

Мілае, малочным пахне небам.

На птушынай звонка мовіць штось,

На пакуль таемнай маім ведам.

Дзве хвілінкі паляжыць – іспыт,

Танчыць на каленях мамы хроснай –

Тое цікавей… А час святы

Навівае залатыя кросны.

Хуткія паўгодзіка , услед –

Ліпеня святочнае прычасце.

Восем дзевяцьсот… Хай бачыць свет:

Я на здымку абдымаю шчасце.

Кожны чытач можа знайсці свой літаратурны зрэз, сугучны свайму мастацкаму густу, у творчасці маладых аўтараў, а дапаможа ў гэтым часопіс «Маладосць».

 

Ірына Хілюціч

ДУК «Цэнтральная гарадская бібліятэка г. Жодзіна»