Калядныя забавы

Каляды – свята вясёлае. З вечара 7 студзеня пачынаюць ха­дзіць калядоўшчыкі з абрадамі слаўлення і добрым зычаннем гаспадарам і членам іх сямей. Кожны гаспадар імкнецца шчодра надзяліць спевакоў за іх песні­-зычэнні. Склад групы калядоўшчыкаў звычайна традыцыйны. Паперадзе ідзе чалавек з зоркай у руках (Зорканоша), з ім Каза — сімвал старога і новага года. Цыган з Цыганкай вядуць Мядзведзя, які весяліць гаспадароў смешнымі сцэнкамі. У групе калядоўшчыкаў шмат спевакоў, танцораў.

14 студзеня ў калядных забавах у бібліятэцы прымалі ўдзел трэццякласнікі СШ №5. Дзеці разгадвалі загадкі, развучвалі калядныя песні, танцавалі з Казой, смяяліся над Мядзведзем, гулялі ў розныя гульні, слухалі, што наваражыла ім Цыганка… Весела і хутка праляцеў час.