На зрэбным абрусе кнігі Беларусі

Трэцяга верасня ў нашай краіне свята – Дзень беларускага пісьменства. Асаблівую радасць у гэты дзень адчуваюць людзі чытаючыя, якія не ўспрымаць сваё жыццё без магіі слова. Вось для такіх людзей, чытачоў Цэнтральнай гарадской бібліятэкі, і падрыхтавана кніжная выстава «На зрэбным абрусе кнігі Беларусі». Праўда, прадстаўлены тут толькі новыя кнігі, якія паступілі ў бібліятэку ў гэтым годзе і якія красамоўна сведчаць пра сучасны стан беларускага кнігадрукавання. Невыпадкова пад кнігі падложаны зрэбны абрус, які вытканы сваімі рукамі і ўвабраў у сябе ўсю прыгажосць роднага краю і цяпло мацярынскіх далоняў. Як абрус, так і кнігі нясуць  энэргетычны зарад бадзёрасці і прыцягваюць сваёй утульнай красою.

Акрамя таго, што пастаянна друкуюцца і перадрукоўваюцца творы беларускіх класікаў, творчасць якіх ужо даўно да спадобы чытачам, так папаўняюцца кніжныя паліцы і новымі аўтарамі, з кнігамі якіх яшчэ трэба знаёміцца і выбіраць для сябе найбольш падыходзячыя па густу. А выбраць не так ужо і проста, бо кожная кніга мае сваю разынку, якую хочацца раскусіць…

Сярод прадстаўленых выданняў – кнігі пра Вялікую Айчынную вайну, творы, прасякнутыя лірычнасцю, замілаванасцю і любоўю да Беларусі, дэтэктыўныя гісторыі, гумарыстычная літаратура і інш.

Запрашаем пазнаеміцца з кніжнымі навінкамі! Прыходзьце, дзе ваш погляд сустрэніцца з кніжнай вокладкай і адбудзецца цуд яднання думак аднаго чалавека з другім, бо яднанне з роднай кнігай дадае ў вашу душу святое штосьці.