У гэтым годзе — юбілеі ў двух беларускіх класікаў – Янкі Купалы і Якуба Коласа. З гэтай нагоды супрацоўнікі Жодзінскай цэнтральнай гарадской бібліятэкі арганізавалі для навучэнцаў профліцэя паэтычную экспедыцыю па творчасці Я. Купалы і Я. Коласа.
Экспедыцыя пачалася з прыпынку «Галерэя партрэтаў Янкі Купалы». Фотасушка партрэтаў з 1904 па 1942 год дэманстравала, як з цягам часу мяняўся знешні воблік Я. Купалы ў сугуччы з яго ўнутраным светам. Удзельніки экспедыцыі выбіралі фотаздымак, які найбольш спадабаўся, тут жа ім было прапанавана азнаеміцца з творамі, якія паэт напісаў у адзначаным пад здымкам годзе, і зачытаць урывак з гэтага твору.
Шмат з твораў Янкі Купалы перакладзены на іншыя мовы. На прыпынку «А хто там ідзе?», дзе за аснову быў узяты славуты верш паэта, выдадзены асобнай кнігай у перакладзе на 82 мовы свету, можна было ўпэўніцца ў папулярнасці беларускага класіка. Падарожнікі экспедыцыі маглі выбраць адзін з перакладаў і паспрабаваць пачытаць на рускай, англійскай, нямецкай, балгарскай ці іншай мове, а астатнія ўдзельнікі маглі паслухаць, як гучаць знакамітыя радкі на розных мовах свету.
Трэці прыпынак экседыцыі — «Мастацкае афармленне». Шматлікім беларускім мастакам пашанцавала стаць ілюстратарамі твораў Я. Купалы і Я. Коласа, спалучыць сваю творчасць з геніяльным мастацкім словам і вобразамі нашых класікаў. Аматарам малявання было прапанавана калектыўна праілюстраваць на іх выбар які-небудзь эпізод з твораў нашых класікаў.
Адзін з цікавейшых і інтэрактыўных прыпынкаў быў тэатральны пад назвай «Тэатральныя замалёўкі». Жадаючым праявіць свае артыстычныя здольнасці было прапанавана прымерыць на сябе касцюмы Паўлінкі ды пана Быкоўскага і праспяваць знаёмыя прыпеўкі з вядомай купалаўскай камедыі. На ролю Паўлінкі падахвоцілася выкладчыца, а вось хлопцаў на ролю пана Быкоўскага трэба было яшчэ ўгаварыць. А ўгаворвала гаспадыня станцыі Агата.
Салодкае частаванне чакала падарожнікаў на прыпынку «Пчаліны пачастунак». Тут ужо правіў баль дзядзька Антось з коласаўскай «Новай зямлі», дзе ў раздзеле «Падгляд пчол» ен паказаны здатным і да гэтай няпростай справы. Частаваў ен мёдам сваіх гасцей як на старонках паэмы, так і насамрэч намазваў мёдам кавалачкі хлеба і прапаноўваў удзельнікаў мерапрыемства.
Eн жа, дзядзька Антось, змяніўшы толькі прылады працы, сустракаў нашых падарожнікаў і на наступным прыпынку «Антось на рыбалцы». Шанцавала таму, хто згаджаўся на нейкі момант стаць не колькі рыбаком, а знаўцам рыбы. Ды не проста рыбы, а той, што водзіцца ў буларускіх рэках, і якую лавілі героі «Новай зямлі». За правільныя адказы ўдзельнікі атрымоўвалі салодкія прызы.
Завяршылася экспедыцыя на высокай ноце. На апошнім музычным прыпынку «Музычная спадчына» гучалі песні на словы Я. Купалы і Я. Коласа. Спявалі музыкі, а разам з імі спявала душа кожнага з нас ад спалучэння з сапраўднай паэзіяй, з класікай айчыннай літаратуры, якая і есць залаты скарб беларускага пісьменства.