Да 130-годдзя з дня нараджэння Максiма Багдановiча Мiшка Падынгтан наведаў Музей знакамiтага беларускага пiсьменнiка, што ў вёсцы Ракуцёўшчына (Маладзечанскі раён, Мiнская вобласць).
Загадчыца фiлiяла Серболiна Анастасiя Мiкалаеўна распавяла нам пра гiсторыю гэтай мясцiны.
Гэтае месца вядома i адметна тым, што тут прайшлi летнiя вакацыi вядомага беларускага паэта Максiма Багдановiча. 19-гадовым выпускнiком Яраслаўскай гiмназii Максiм Багдановiч прыехаў на сядзiбу, якая належыла малавядомаму нам чалавеку – дробнаму шляхцiчу Вацлаву Лычкоўскаму. Патрапiў Максiм сюды па запрашэнню больш вядомых людзей: яго запрасiлi Iван i Антон Луцкевiчы – дзеячы беларускага Адраджэння. Вацлаў Лычкоўскi для iх быў родным дзядзькам.
Максiм пражыў тут вельмi кароткi адрэзак часу – усяго два месяцы. Але, нягледзячы на такi кароценькi перыяд, гэтыя два месяцы былi надзвычай шчаслiвымi i плённымi ў творчым плане. Тут ён напiсаў свае лепшыя вершы: 17 вершаў, якiя ўвайшлi ў два цыкла «Старая Беларусь» i «Места» i дзве паэмы «У вёсцы», «Веранiка», якiя ўвайшлi ў цыкл «Мадона». Сам перыяд гэтых вакацый лiчыцца лепшым у дзённiку жыцця. Дарэчы гэтыя радкi можна прачытаць на каменi пры ўваходзе.
Сёння фальварак Ракуцёўшчына – гэта музейны комплекс, у якi ўваходзiць былая сядзiба Лычкоўскага, Максiмава крынiца, помнiк Максiму Багдановiчу.
Максiмава крынiца знаходзiцца за хатамi ракуцёўцаў i захавалася да нас амаль у нязменным выглядзе. Максiм часта хадзiў да яе.
Помнiк Максiму Багдановiчу. Максiмаў сад.
Помнiк у выглядзе дзвюх камянёў-валуноў. Адзiн – высокi востры, нагадвае сапраўды запаленую свечку, а другi – круглы. Гэты помнiк быў узведзены ў 1977 годзе ў знак таго, што калiсьцi тут адпачываў беларускi пiсьменнiк Максiм Багдановiч, бо доўгi час дакладна нiхто не ведаў пра Ракуцёўшчыну. Пошукамi займаўся наш вядомы зямляк, краязнавец гiсторык Генадзь Каханоўскi. Калi дакументальна было падцверджана, што вось гэта Ракуцёўшчына, тады ў яго калег узнiкла iдэя, што гэтую мясцiну трэба нейкiм чынам абазначыць на лiтаратурнай карце. Паблiзу Ракуцёўшчыны былi знойдзены два камянi-валуны i ў 1977 г. iх узвялi на пагорку ля дарогi на Чысць, а крышку пазней беларускiя пiсьменнiкi выказалi iдэю, каб засадзiць Максiмаў сад, у 1981 годзе былi засаджаны розныя дрэвы i кусты (сосны, бярозы, акацыi) – усяго 70 дрэў, бо ў той год адзначалася 70-годдзе з дня прыезду Максiма Багдановiча сюды ў Ракуцёўшчыну. Яны з кожным годам разрастаюцца, даюць маладыя парасткi.
Усе будынкi, акрамя хаты арандатара, былi адноўлены нанава, калi ствараўся комплекс. Хата арандатара, у якой жыў Багдановiч, была разабрана немцамi ў 1943 годзе. Гаспадарчыя будынкi згарэлi падчас вайны. Усе будынкi аднаўлялiся, згодна дакументам, знойдзеным у архiвах, фотаздымкам, успамiнам старажылаў вёскi, дзякуючы малюнку рэканструкцыi Лявона Луцкевiча, сына Антона Луцкевіча. Былi праведзены археалагiчныя раскопкi пад кiраўнiцтвам Алега Дзярновiча, падчас якiх быў выяўлены падмурак, дзе стаiць зараз хата арандатара. Будынак стаiць на тым самым месцы.
Як Максiм Багдановiч апынуўся ў Ракуцёўшчыне?
Для Максiма Багдановiча 1911 год быў вызначальным i доўгачаканым, бо на той час была скончана ў Яраслаўле гiмназiя i перад Максiмам паўстала пытанне, куды iсцi далей, у якiм накiрунку рухацца. I Максiм ужо дакладна ведаў, што хацеў звязаць свой лёс з беларускай лiтаратурай, беларускай мовай. У той час у яго былi перспектывы паступiць у Пецярбург на факультэт да Аляксея Шахматава i з цягам часу потым узначалiць факультэт беларусазнаўства. Парэкамендавалi гэта браты Луцкевiвы, але на той час неабходна было атрымаць дазвол у бацькi перад тым, как паехаць у Пецярбург. Бацька быў у камандзiроўцы, i калi Макciм дачакаўся яго i паведамiў пра магчымась паступiць i займацца любiмай справай, то Адам Ягоравiч прывёў шмат довадаў, па якiм сын мусiў падпарадкавацца яму i застацца ў Яраслаўлi i паступаць у Дзямiдаўскi юрыдычны лiцэй, хаця Максiма не вабiла юрыспрудэнцыя. Ён аб гэтым казаў бацьку: «Не хачу, не буду нi суддзёй, нi адвакатам, нi пракурорам!». I каб кампенсаваць атмасферу, якая накрыла сям’ю Багдановiчаў у той час, бацька вырашыў дазволiць сыну здзейснiць вандроўку ў Беларусь, пазнаёмiцца са справай беларускага Адраджэння. У той час браты Луцкевiчы запрасiлi Максiма спачатку ў Вiльню, а потым на сядзiбу, якая належыла iх дзядзьку.
Хата арандатара Лычкоўскага.
Чаму яна так называецца? Таму што Вацлаў Лычкоўскi, гаспадар маёнтка, быў дробным шляхцiчам. У свой час яго продкi не змаглi падцвердзiць сваё шляхецкае становiшча. Яны страцiлi маёмасць i дакументы, якiя гэта падцвярджалi, і таму залiчвалiся да аднадворцаў. Але ўсё ж Вацлаў Лычкоўскi быў не бедным чалавекам. Па тых мерках у яго было шмат зямлi: 26 дзесяцiн (гэта менш валокi, каля 18 гектараў). Гаспадарка трывала стаяла на нагах (былi i куры, i гусi, i свiннi, i конi). Зямлю гаспадар сам не апрацоўваў. Кожны год былi арандатары, якiя за грошы займалiся гэтай працай: яны жылi асобна ў хаце арандатара. Але у той год, калi сюды прыехаў Максiм Багдановiч, хата пуставала. Максiма пасялiлi тут асобна. Гэта было яго асабстае жаданне, паколькi ў той час у Максiма ўжо праяўлялiся сухоты (туберкулёз). I гэта адна з прычынаў, чаму Максiму парэкамендавалi гэтую мясцiну: пажыць у сухой мясцовасцi. Максiм ведаў небяспечнасцi сваёй хваробы, бо сухоты праяўлялiся вельмi агрэсiўна: не толькi моцным кашлем, якi не даваў магчымасцi гаварыць яму, але i кашаль з пражылкамi крывi. Бывалi выпадкi, што на працягу некалькi дзён падымалася вельмi высокая тэмпература. Паколькi Максiм быў па харакатары вельмi сцiплы i тактоўны, то ён не хацеў быць прадметам небяспекi для вельмi гасцiнных гаспадароў, таму i настаяў на тым, каб пасялiцца асобна.
Тут невялiкiя два пакоi. Абстаноўка iнтэр’ера вельмi простая, нiчога лiшняга, толькi тое, што неабходна было для адпачынку на вёсцы: ложак i стол. Часта прыходзiлася пiсаць свае вершы лежачы. Падымалася вельмi высокая тэмпература, а лiтары выходзiлi не вельмi прыгожыя. Почырк Максiма быў дробным, які яшчэ называюць бiсерным. Ва ўзросце дзесяцi год ён ажыццявiў пастаўленую мэту: у адзiн радок змясцiў малiтву «Отче наш». Калi пiсаў лежачы, лiтары выходзiлi дзiцячымi. Калi пасылаў вершы ў «Нашу нiву», то пiсаў: «Не дзiвiцеся, што лiтары ў мяне дзiцячыя: кожны дзень у мяне тэмпература 39».
Да прыезда ў Ракуцёўшчыну ён пабываў спачатку ў Вiльнi. Там ён сустрэўся з тымi, хто яго падтрымлiваў, дапамагаў друкавацца на старонках «Нашай нiвы» (Вацлаў Ластоўскi, браты Луцкевiчы i Аляксандар Уласаў). Дэбютаваў не як паэт, а як празаiк ва ўзросце 16 год у 1907 годзе з творам «Музыка». Пазней, калi дасылаў вершы ў «Нашу нiву», то яны не праходзiлi цэнзуру (цi траплялi ў архiў, цi друкавалiся з вельмi вялiкiмi iнтерваламi). Гэта было звязана з тым, што рэдактары газеты лiчылi, што творчасць Максiма Багдановiча не ўсiм была патрэбна i зразумела для народа. Калi выйдзе яго звборнiк «Вянок» (1913 г., г. Вiльня), Максiма будуць абвiнавачваць, што «наводнил свой сборник чёрными формами стихов». На што Максiм адказаў, што зрабiў гэта спецыяльна, каб паказаць, што беларуская мова не кепская i не горш за iншыя мовы, i што на ёй можна пiсаць вельмi годныя вершы.
Перад пакоем сабраны прадметы быту таго часу. Да прыезду ў Ракуцёўшчыну ўсе веды Максiма Багдановiча аб Радзiме былi кнiжныя, энцыклапедычныя. Паколькi развiтаўся ён пяцiгадовым хлопчыкам, то амаль што ў памяцi засталося не шмат, таму чэрпаў ён з бацькавай бiблiятэкi iнфармацыю. Калi сюды прыехаў, то да ўсяго беларускага дакрануўся на ўласныя вочы. Безумоўна, яму было вельмi цiкавы традыцыі i быт землякоў, прычыны, па якiх яны радуюцца i сумуюць.
Жыццё тут у маёнтку не абмяжоўвалася жыццём толькi на сядзiбе. Максiм хадзiў удзень сустракацца са сваiмi землякамi. Увечары прыходзiў, адпачываў, гаспадары запрашалi яго ў вялiкую хату.
Дом гаспадара.
Вацлаў Лычкоўскi на той час, калi прыехаў да яго Максiм Багдановiч, быў сталага ўзросту, каля 62 гадоў. Нягледзячы на свой узрост, ён не абзавёўся сваёй сям’ёй: не было жонкi, не было дзяцей, не было прамых нашчадкаў. Таму свой фальварак ён завяшчаў свайму роднаму пляменнiку Антону Луцкевiчу, але той жыў у Вiльнi i ў 1939 годзе яго рэпрэсавалi. Фальварак адышоў спачатку да арандарара Андрэя Гаршэля, а потым да яго сына Уладзiмiра. Калi Уладзiмiр вярнуўся з партызан, то на месцы фальварка знайшоў толькi вялiкую хату, а ўсё астатняе было спалена. Лес, дзеля якога тады ехаў Максiм, каб надыхацца, падчас вайны таксама быу знiшчаны. У 1957 годзе сын Андрэя Гаршыля, Уладзiмiр, перабудаваў хату. Яна крыху паменшылася ў сваiх памерах, лiчыцца адзiным будынкам, якi ўцалеў.
Дом гаспадара прадстаўляе сабой экспазiцыю iнтэр’ера хаты дробнага шляхцiца пачатка XX стагоддзя. Экпазiцыя размяшчаеецца ў трох пакоях: гасцiная, дзiцячы пакой i кухня. У гасцiную Максмма запрашалi папiць гарбаты за сталом. Гэта вядома з успамiнау, якiя пакiнула Янiна Каханоўская (дачка Эмiлii, пляменнiцы гаспадара, родная сястра Iвана i Антона Луцкевiча – на фото). Яны таксама ў той час тут адпачывалi. У гэтым доме ў 1911 годзе жыў сам Вацлаў Лычкоўскi, яго родная сястра Ядвiга Русецкая (на жаль, не захавалася фотаздымкаў нi гаспадара, нi сястры). Успамiны па просьбе супрацоунiкаў музея Янiна Каханоўская пiсала ў сталым узросце, калi ёй ужо было 80 год, i папярэдзiла, што гэта будуць «успамiны ўспамiнаў» – успамiны яе мацi. Яны не маюць гiстарычнай вартасцi, але больш рамантычнага зместу.
З успамiнаў Янiны Каханоўскай, Максiм Багдановiч прыехаў вельмi юным, дзевятнаццацiгадовым, але яму хацелася выглядаць пасалiднее. Для гэтага ён адрасцiў сабе бараду ў тое лета. Максiм Багдановiч дасканальна беларускай мовы не ведаў, тады i правiлаў беларускай мовы не было. Ён вельмi клапацiўся пра тое, як тое цi iншае слова гучыць па-беларуску, асаблiва пра канчаткi. I нiколi не цураўся таго, каб яго папраўлялi. Вось у якасцi дарадца сабе ён абраў Янiнкiну мацi – Эмiлiю. Калi ён чытаў свае вершы, то пытаўся: «Цi так?» Сятра Вацлава Лычкоўскага, Ядвiся, была не маладой, як i брат. Яна закахалася ў Максiма Багдановiча i заляцалася да яго. Кожны дзень аказвала яму розныя знакi ўвагi, але Максiм саромеўся кахання дарослай жанчыны i тактоўна адмаўляў ёй.
Дзiцячага пакоя ў гаспадара не было: тут размяшчалася кладавая, дзе захоўвалiся прыпасы. Потым служыла дадатковым спальным месцам, бо хата Вацлава Лычкоўскага славiлася гасцiннасцю. Калi стваралася экспазiцыя ў 2007 годзе тут было вырашана стварыць дзiцячы пакой, каб паказаць, што калiсьцi гэта хата была напоўнена дзiцячым смехам, ды i ў творчасцi Максiма Багдановiча было шмат дзiцячых вершаў, ды i марыў ён мець сваё дзiця.
На кухнi захоўвалiся прадукты, гатавалi прадукты. Тут знаходзiцца печ. Печы Вацлава адрознiвалiся ад печ ракуцёўцаў, бо ў вёсцы тапiлi па-чорнаму, а ў Вацлава Лычкоўскага было дзве галанскiя печы i дымаход.
Гумно.
Наяўнасць гумна адрознiвала сядзiбу ад двара. У гумно нашы продкi звазiлi з палей ураджай. Тут яго сушылi, малацiлi i захоoвалi. Акрамя зернавых захоўвалi салому, канюшыну, сена. Трэба было, каб усё гэта багацце захавалася на працягу года, бо ад гэтага залежыў дабрабыт гаспадаркi. Таму ў гумне пастаянна павiнна было быць свежае паветра. Для гэтага стыкi памiж бярвёнамi не канапацiлiся, каб праз шчылiны гуляла свежае паветра, скразняк. Столi ў гумне няма, адразу ўзвышаецца страха. Дарэчы, матэрыял стрэх у нашых продкаў быу самым разнастайным: пакрывалi дранкай, саломай, чаротам. Але саламяная страха лiчылася дарагiм матэрялам пакрыцця, пажаранебяспечным i недаўгавечным. Чарот – наадварот быў вельмi танным матэрыялам, пажарабяспечным (бо будзе толькi тлець, калi пападзе вугалёк) i даўжэй тэрмiн службы, чым у саламянай страхі (каля 80 год). Зараз у будынку захоўваюцца прылады працы, якiмi сяляне карысталiся ў канцы XIX – пачатку XX. Сычкарня, малацiлка, веялка. Больш простыя сяляне малацiлi цэпамi, больш заможныя – мелi малацiлку.
Летнiя канiкулы на Ракуцёўшчыне для Максiма Багдановiча прялцелi вельмi хутка!
Два месяцы хадзiў па роднай зямлi, сустракаўся са сваiмi землякамi. Яго хворыя грудзi ўдыхалi паветра роднага краю. Ён кожны дзень меў магчымасць чуць беларускую мову i размаўляць на беларускай мове. Гэтая мясцiна дала яму вялiкi зарад сiл, творчы прылiў. Тут стваралiся вершы, хвароба трохi адступiла. Калi Максмiм вярнуўся ў Яраслаўль па настаянню бацькi i паступiў, адвучыўся, але нават не забраў атэстата. Вярнуўся ў Мiнск у не зусiм добры час: працягвалася Першая сусветная вайна. Мiнск быў прыфрантавым горадам i там было шмат бежанцаў. Горад быў апалены вайной. Максiм знайшоў сабе працу i жыллё, але хвароба абвастрылася. Сябры вырашылi сабраць грошы i адправiць Максiма падлячыцца ў Ялту, але выбралi не вельмi зручны перыяд – люты 1917 года. Гэты адпачынак палёгкi не прынёс. 25 мая 1917 года ва ўзросце 25 год Максiм памёр у поўнай адзiноце.
Як напамiнак пра беларускага пiсьменнiка дзейнiчае Лiтаратурны музей Максiма Багдановiча, якi мае два фiлiялы: гэта фальварак Ракуцёўшчына i Беларуская хатка.
З цягам апошнiх гадоў моладзь прыязджае. Людзi едуць хто за гiсторыяй, хто беларускую мову паслухаць. Неяк станоўча паўплывалi зачыненыя межы, таму што людзi сталi больш цiкавiцца тым, што ў iх пад бокам.
Вiзiтная картка музея – «Ракуцёускае лета». Гэта свята паэзii i песнi, якое праводзiцца з 1983 года. Кожны год збiрае людзей па рознаму: бывае болей, бывае меней. У мiнулым годзе свята не адбылося праз каранавiрус. У гэтым годзе ладзiлася свята. Праходзiць у знак памяцi Максмiма Багдановiча, свята мае свой пэўны фармат, але кожны год iмкнемся дабавiць нешта новае. На гэта свята прыязджаюць розныя пiсьменнiкi. Працуе шмат пляцовак для рознага ўзросту. Асабiста для мяне запомнiлася свята ў 2017 годзе, калi прязджаў Алесь Бархтоўхаў (паколькi Максiм Багдановiч пахаваны ў Ялце, там ёсць суполка беларусаў). Ён стаў зорачкай гэтага свята! Раней свята праходзiла каля крынiцы, але з 2016 года каля музея.
Сардэчна запрашаем у Ракуцёўшчыну!
З загадчыцай фiлiяла Лiтаратурнага музея Максiма Багдановiча
Серболiнай Анастасiяй Мiкалаеўнай
гутарыла Мiхiрова Ганна Сяргееўна,
бiблiятэкар 2 катэгорыi ДУК «Цэнтральная гарадская бiблiятэка г. Жодзiна».