Зорка Максіма Багдановіча

9 снежня адзначаецца 130-годдзе з дня нараджэння самага зорнага паэта Беларусі Максіма Багдановіча. Гэта падзея ў Жодзінскай цэнтральнай  гарадской бібліятэцы  ператварылася ў сапраўднае свята паэтычнага слова і музыкі.

Сапраўды, толькі Богам дадзены паэт за такі кароткі жыццёвы адрэзак змог падараваць беларускай літаратуры столькі прыгожых мастацкіх вобразаў і абагаціць яе новымі паэтычнымі фарбамі. «Зорка Венера ўзышла над зямлёю», «І тчэ, забыўшыся, рука», «Здароў, марозны, звонкі вечар» і шмат іншых знаёмых і незнаёмых радкоў гучала ў выкананні як супрацоўнікаў бібліятэкі, так і чытачоў. А музычны настрой вечарыне прыдалі паланез М. Агінскага «Развітанне з Радзімай», які вельмі падабаўся М. Багдановічу, а таксама песні на словы знакамітага паэта.

Цікавіўся паэт славянскімі міфамі, легендамі і паданнямі, праз якія імкнуўся раскрыць спецыфіку духоўнай самабытнасці беларускага народа. На вечарыне быў праведзены творчы эксперымент: спачатку зачытана паданне пра Змяінага Цара, а потым верш М. Багдановіча «Змяіны Цар», і можна было адчуць, як паэту з дапамогай мастацкага слова ўдалося ператварыць міфічны вобраз ў паэтычны твор.

Калі  па запрашэнню рэдакцыі «Нашай нівы» ён  прыехаў у Вільню і наведаў Беларускі музей, яго вельмі ўразіла калекцыя сторажытнай спадчыны: крыжы, манеты. пячаткі, ткацкія вырабы, у тым ліку і славутыя слуцкія паясы, а таксама і кнігі. Пад уражаннем гэтай калекцыі ён стварае гістарычны вобраз радзімы ў вершах  «Слуцкія ткачыхі», «Летапісец». «Перапісчык», «Кніга» і інш. Дзякуючы таму, што ў нашай бібліятэцы таксама ёсць некалькі кніг 18-19 стагоддзяў, дэманструючы якія перад чытачымі, удалося найбольш яскрава данесці да прысутных змест верша «Кніга» і даць патрымаць жадаючым (абавязкова ў белых пальчатках) гэтыя каштоўныя экзэмпляры.

Максіма Багдановіча таму называюць самым зорным паэтам Беларусі, бо ў сваіх вершах ён часта звяртаецца да зор.

«Я хацеў бы спаткацца з вамі на вуліцы

У ціхую сінюю ноч

І сказаць:

“Бачыце гэтыя буйныя зоркі,

Ясныя зоркі Геркулеса?

Да іх ляціць наша сонца,

І нясецца за сонцам зямля.

Хто мы такія?

Толькі падарожныя, – папутнікі сярод нябёс.

Нашто ж на зямлі

Сваркі і звадкі, боль і горыч,

Калі ўсе мы разам ляцім

Да зор?»

Каб больш людзей чыталі Багдановіча, можа і сапраўды было б на свеце меньш болі, горычі і войн. Прыслухаемся да Багдановіча – Богам дадзенага паэта.

Падарункі  ад Багдановіча – цукеркі «Знічкі» з прыклеенымі да іх вершаванымі радкамі паэта – атрымалі самыя актыўныя ўдзельнікі мерапрыемства, якія дружнай камандай прачыталі верш «Страцім-Лебедзь».

Творчасць М. Багдановіча натхняе многіх паэтаў і мастакоў на ўвасабленне яго вобраза ў  вершах і мастацкіх творах. Удзельнікам мерапрыемства былі прадэманстраваны партрэты і прадэкламаваны вершы, прасвечаныя Максіму Багдановічу, даказваючы, што зорка паэта не згасае.