14 кастрычніка ў Дзень маці ў Жодзінскай цэнтральнай гарадской бібліятэцы віншавалі матуль, як супрацоўнікаў, так і наведвальнікаў бібліятэкі. Для іх была падрыхтавана літаратурна-музычная праграма «Сёння матулін дзень», у аснову якой ляглі лісты да маці і вершы пра мам беларускіх пісьменнікаў. Атрымалася сапраўды шчырая, сардэчная споведзь сыноў перад сваімі матулямі на фоне іх фотаздымкаў. Міхась Пазнякоў, напрыклад, называе сваю матулю Марыю Еўдакімаўну «маё сонца, і песня мая, і вясна» ў вершы «Незабыўнай матулі», Максім Танк у вершы «Рукі маці» праслаўляе рукі сваей матулі Домны Іванаўны, ад якіх, быццам ад сонца цяплее ў хаце і ў сэрцы. А Уладзімір Ліпскі перад сваей матуляй Марыяй Адамаўнай спавядаецца і верыць, што ад гэтай споведзі цяжкі панядзелак стане лягчэйшым.
Удзельнікі мерапрыемства з асалодай слухалі творы айчанных паэтаў і дзесьці глыбока ў душы прымяралі гэтыя словы і на сябе, бо цудоўныя паэтычныя радкі не астаўлялі нікога абыякавымі. А ў выкананні народнага ансамбля народнай песні «У кругу сяброў» прагучала шмат музычных нумароў, а супрацоўнікі бібліятэкі арганізавалі некалькі літаратурных конкурсаў і забаўляльных гульняў, у тым ліку і бяспройгрышную латарэю, каб кожная мама атрымала на памяць аб гэтай сустрэчы хоць невялічкі падарунак за яе вялікую місію на гэтай зямлі.