Правілы на ўсё жыццё

Апрача галоўных слоў, ёсць у нашай мове ветлівыя чароўныя словы. Ветлівымі словамі дарослыя і дзеці карыстаюцца амаль штодня. Таму вельмі важна выхоўваць у дзецях зычлівасць і ветлівасць менавіта з ранніх гадоў.

Учора выхаванцы ДУО «Яслі-сад №19 «Пралеска» адправіліся ў падарожжа па Краіне ветлівых слоў з чароўнай Кветкай-сямікветкай. Дзеці, выконваючы розныя заданні, успаміналі добрыя і ветлівыя словы. Падзяліўшыся на каманды, спаборнічалі, хто хутчэй збярэ лато «Што такое добра? Што такое дрэнна?». А пры дапамозе мячыка дабрыні кожны меў магчымасць сказаць свайму сябру добрае пажаданне.

У завяршэнні мерапрыемства дзеці адправіліся на сустрэчу з літаратурным героем Карлсанам. Карлсан, убачыўшы так шмат малых, узрадаваўся, што будзе з кім пагарэзіць і пачаў забаўляцца: то хаваў мячык, то пракалоў паветраны шарык, то пырскаў вадой на вядучую, то мелам маляваў на сценах, то еў цукеркі і фанцікі кідаў на падлогу. Дзеці ўсё гэта заўважалі і дружна ўказвалі яму на кепскія ўчынкі. Нарэшце яны яго перавыхавалі і Карлсан на развітанне навучыў усіх лятаць.