Да вытокаў роднай мовы

Міжнародны дзень роднай мовы ў Жодзінскай цэнтральнай гарадской бібліятэцы прйшоў, як заўжды, цікава і неардынарна. У гэты раз мы звярнуліся да вытокаў роднай мовы – вуснай народнай творчасці: міфаў, легенд, казак, паданняў, песень, загадак, прыказак і г.д.

Перад чытачамі прадсталі некаторыя міфічныя істоты беларускіх легенд і казак, прадэманстраваўшы свае характары, норавы і звычкі.

Бай – герой забаўлянкі ў беларускім дзіцячым фальклоры. Бай – узор своеасаблівай адчэпкі, вось і зараз на ўсе пытанні вядучай: «Баіць далей ці не?», — у яго быў адзіны адказ: «Бай!».

Бордзя – мілавідная жанчына з доўгімі валасамі і аголенымі рукамі. Бордзя старанна дапамагае маладой сям’і, ні на хвіліну не перастае думаць над мужам і жонкай. Таму Бордзя шчыра прачытала некалькі вершаў беларускіх паэтаў, правяла гульню па беларускіх прымаўках на тэму сямейных адносін.

Баба Яга перад чытачамі прадстала ва ўсёй сваёй фанабэрастасці, то здзеквалася над усімі, то знімала псуту, то акрапляла мёртвай і жывой вадой, то правярала на кемлівасць, загадваючы загадкі пра птушак.

Цёця – багіня лета, якая з’яўляецца на полі са спелымі пладамі ў руках. І, сапраўды, Цёця частавала актыўных удзельнікаў разнастайнымі ягадамі і фруктамі, так аддзячыла за ўдзел у выпрабаваннях, якія яна падрыхтавала да Дня роднай мовы.

Таксама трэба было на некалькі хвілін стаць акцёрамі і праявіць усе свае таленты, каб з ходу паказаць інсцэніроўку народнай казкі «Рэпка» на роднай мове. Прэм’ера ўдалася на ўра. Гледачы доўга і гучна апладзіравалі наваяўленым артыстам, а заадно і супрацоўнікам бібліятэкі за такое цікавае свята роднай мовы.