Залаты скарб беларускага пісьменства

Два геніі, два класікі, два народных паэты Беларусі — Янка Купала і Якуб Колас — юбіляры 2022 года. З гэтай нагоды супрацоўнікі Жодзінскай цэнтральнай гарадской бібліятэкі арганізавалі для сваіх чытачоў паэтычную экспедыцыю па творчасці Я. Купалы і Я. Коласа «Залаты скарб беларускага пісьменства».

Пачалася экспедыцыя з прыпынку «Галерэя партрэтаў Янкі Купалы». Фотасушка купалаўскіх партрэтаў з 1904 па 1942 год дэманстравала наведвальнікам, як з цягам часу мяняўся знешні воблік паэта ў сугуччы з яго ўнутраным светам. Ва ўдзельнікаў была магчымасць абраць здымак, які найбольш спадабаўся. Тут жа было прапанавана азнаеміцца з творамі, якія паэт напісаў у адзначаным пад здымкам годзе, і зачытаць урывак з гэтага твору.

Творы Янкі Купалы гучаць не толькі па-беларуску, шмат з іх перакладзены на іншыя мовы. На наступным прыпынку «А хто там ідзе?», дзе за аснову быў узяты славуты верш паэта, выдадзены асобнай кнігай у перакладзе на 82 мовы свету, можна было ўпэўніцца ў папулярнасці беларускага класіка. Падарожнікі экспедыцыі маглі выбраць адзін з перакладаў і паспрабаваць пачытаць на рускай, англійска, нямецкай, балгарскай ці іншай мове, а астатнія ўдзельнікі маглі паслухаць, як гучаць знакамітыя радкі на розных мовах свету.

Трэці прыпынак экседыцыі — «Мастацкае афармленне». Шматлікім беларускім мастакам пашанцавала стаць ілюстратарамі твораў Я. Купалы і Я. Коласа, спалучыць сваю творчасць з геніяльным мастацкім словам і вобразамі нашых класікаў. Вельмі шыкоўна ўдалося праілюстраваць «Новую зямлю» В. Шаранговічу. Таксама аматарам малявання было прапанавана калектыўна праілюстраваць на іх выбар які-небудзь эпізод з твораў нашых класікаў.

Геаграфічны прыпынак «Пуцявінамі класікаў» чакаў падарожнікаў далей. На карце Беларусі рознакаляровымі лініямі былі адзначыны месцы, дзе нарадзіліся, вучыліся, жылі, працавалі і адпачывалі нашы юбіляры, дзе іх шляхі-пуцявіны сыходзіліся, дзе перасякаліся, дзе і як разыходзіліся. У суправаджальнай гутарцы падкрэслівалася, якія мясціны былі больш дарагія сэрцам паэтаў, якія больш натхнялі на творчасць.

Адзін з цікавейшых і інтэрактыўных прыпынкаў быў тэатральны пад назвай «Тэатральныя замалёўкі». Жадаючым праявіць свае артыстычныя здольнасці было прапанавана прымерыць на сябе касцюмы Паўлінкі ды пана Быкоўскага і праспяваць знаёмыя прыпеўкі з вядомай купалаўскай камедыі. Не ўсялякі адважваўся на такія ролі. Але ўжо кагосьці ўдавалася ўгаварыць. А ўгаворвала гаспадыня станцыі Агата.

Салодкае частаванне чакала падарожнікаў на прыпынку «Пчаліны пачастунак». Тут ужо правіў баль дзядзька Антось з коласаўскай «Новай зямлі», дзе ў раздзеле «Падгляд пчол» ен паказаны здатным і да гэтай няпростай справы: «ды потым дзядька прывучыўся, да пчол зусім прызвычаіўся». Частаваў ен медам сваіх гасцей як на старонках паэмы, так і насамрэч намазваў мёдам кавалачкі хлеба і прапаноўваў удзельнікаў мерапрыемства.

Eн жа, дзядзька Антось, змяніўшы толькі прылады працы, сустракаў нашых падарожнікаў і на наступным прыпынку «Антось на рыбалцы». Шанцавала таму, хто згаджаўся на нейкі момант стаць не колькі рыбаком, а знаўцам рыбы. Ды не проста рыбы, а той, што водзіцца ў буларускіх рэках, і якую лавілі героі «Новай зямлі». За правільныя адказы ўдзельнікі атрымоўвалі салодкія прызы, і ў некоторых да канца наведвання станцыі назбіраўся неблагі «улоў».

Завяршылася экспедыцыя на высокай ноце. На апошнім музычным прыпынку «Музычная спадчына» гучалі песні на словы Я. Купалы і Я. Коласа. Спявалі музыкі. А разам з імі спявала душа кожнага з нас ад спалучэння з сапраўднай паэзіяй, з класікай айчыннай літаратуры, якая і есць залаты скарб беларускага пісьменства.