Гонар народа — родная мова

18 лютага ў Цэнтральнай гарадской бібліятэцы да Сусветнага дня роднай мовы быў арганізаваны святочны дыялог, у якім прынялі ўдзел навучэнцы Жодзінскага дзяржаўнага каледжа і чытачы бібліятэкі.

Галоўнай думкай мерапрыемства сталі словы народнага пісьменніка Беларусі Івана Мележа: «Мова — гэта вялікі народны скарб. Яго нельга не паважаць, як нельга не паважаць родны народ».

Менавіта любоў да сваёй Радзімы, свайго народа пачынаецца з любові да роднай мовы. Мова яднае нас у народ, які носіць прыгожае імя — беларусы.

Удзельнікам свята было прапанавана паразмаўляць, памеркаваць, паслухаць, як гучыць беларуская мова, разгадаць загадкі, перакласці словы на беларускую мову, адгадаць аўтараў слоў вядомых беларускіх песень і іншыя лінгвістычныя забавы.

Асаблівую, цёплую і адначасова гумарыстычную атмасферу Свята роднай мовы дапамагла стварыць удзельніца народнага літаратурна-музычнага калектыву «Натхненне» пры Рэспубліканскім палацы культуры ветэранаў г. Мінска Ірына Хілюціч у вобразе «Бульбы беларускай». Яна падцвердзіла, што бульба — гэта не проста слова, а сапраўдны культурны код беларусаў, які сімвалізуе гасціннасць, працавітасць і ўрадлівасць зямлі.

Завяршылася мерапрыемства выкананнем песні «Мова павінна жыць» беларускага гурта «Дразды».